LVEE-2009: рэгістрацыя пачалася!
April 23, 2009 14:22
Пачалася рэгістрацыя заяваў на 5-ую Міжнародную канферэнцыю распрацоўшчыкаў і карыстальнікаў свабоднага праграмнага забеспячэння Linux Vacation / Eastern Europe (LVEE 2009), якая адбудзецца 2-5 ліпеня побач з Гародняй.
Арганізатарам LVEE 2009 з’яўляецца MLUG пры падтрымцы актывістаў свабоднага праграмнага забеспячэння з Брэста і Гародні.
Рэкамендаваныя мовы для ўдзелу ў канферэнцыі: беларуская, руская і англійская.
Заявы на ўдзел у канферэнцыі прымаюцца да 12 чэрвеня, тэзісы дакладаў – да 24 траўня.
Фармат канферэнцыі змяшчае ў сабе даклады, workshop-ы ды круглыя сталы. Для дакладчыкаў будуць падрыхтаваныя канферэнц-зала, гук, праэктар. Да пачатку канферэнцыі будзе выдадзены зборнік тэзісаў. Тэматыка дакладаў змяшчае распрацоўку і суправаджэнне свабоднага ПЗ, укараненне ды адміністраванне рашэнняў на яго аснове, асаблівасці выкарыстання свабодных ліцэнзіяў. Канферэнцыя ахоплівае вялікае кола платформаў – ад сервераў ды працоўных станцыяў да ўбудаваных сістэмаў і мабільных прыладаў.
У якасці месца правядзення канферэнцыі ў чарговы раз выбраная турыстычная база “Хімік” у Гарадзенскай вобласці. У выпадку, калі колькасць жадаючых перавысіць магчымасці турбазы, разгляд заяваў будзе праводзіцца на конкурснай аснове з прыярытэтам для дакладчыкаў ды ўдзельнікаў праектаў па свабодным ПЗ, якія дзейнічаюць у дадзены момант.
Аўтары дакладаў, прадстаўнікі спонсараў і прэссы вызвыляюцца ад уплаты арганізацыйнага ўзносу. Таксама па выніках галасавання аўдыторыі будзе ўручаны прыз за лепшы даклад.
Спіс спонсараў удакладняецца. На сённяшні дзень аб сваім удзеле заявілі кампаніі SaM Solutions, Promwad, Локальные сети. Інфармацыйную падтрымку аказвае партал it-job.by.
Атрымаць дадатковую інфармацыю і зарэгістравацца ў якасці ўдзельніка ці дакладчыка канферэнцыі можна на сайце www.lvee.org.