Міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабодных праграм

Ігар Грачышка: каардынатар беларускіх перакладаў

Ігар працуе ў Epam systems, у аддзеле, які займаецца Linux. Асноўны яго ўнёсак у праекты па-за межамі працы — каардынацыя перакладаў на беларускую мову інтэрфейсаў шэрагу вольных праграм. У мінулым Ігар быў каардынатарам перакладу KDE, пазней перадаў гэтыя функцыі іншым людзям. Цяпер актыўна займаецца каардынацыяй перакладу Gnome, які мае дзве галіны: кірылічную і лацінкавую. Што цікава, паводле Ігара, лацінкавая версія мае большую ступень дапрацоўкі і вышэйшую якасць, чым кірылічная.

Як выглядае дзейнасць па каардынацыі перакладаў?

Да мяне звяртаюцца людзі, а я дапамагаю ім, па-першае, тэхнічна разабрацца, як што рабіць, таму што гэта не простая справа. Па-другое, вычытваю іх тэксты. Ну і сам перакладаю.

Якія людзі звяртаюцца?

Абсалютна розныя. Пераважна гэта людзі IT-сферы: праграмісты ці адміністратары, якія цікавяцца беларускай мовай і хочуць бачыць нейкія праграмы па-беларуску. Апошнім часам Linux становіцца крышку больш папулярным, і не толькі сярод IT-спецыялістаў. Напрыклад, сярод новых перакладчыкаў ёсць студэнтка нетэхнічнай спецыяльнасці, якой хтосьці ўсталяваў Ubuntu, яна ўбачыла, што там ёсць беларускі пераклад, але не найлепшай якасці, чагосьці не стае… Яна выйшла на мяне і прапанавала пэўныя змены.

Над перакладам Gnome працуе сталая каманда?

На кожную галіну перакладу – лацінкавую і кірылічную – ёсць свая каманда. На беларускай лацінцы гэта толькі два чалавекі, але вельмі гіперактыўныя, таму высокі вынік. А на кірылічнай такая тэндэнцыя: з’яўляюцца людзі, падаюць пару-тройку перакладаў, штосьці дарабляюць і … ўсё. Людзей спачатку прываблівае тое, што гэта free software — можна перакладаць і атрымаць беларускую аперацыйную сістэму. Але калі яны сутыкаюцца з тым, што гэта пэўная праца, звязаная з многімі тэхнічнымі момантамі, якая да таго ж вымагае вельмі шмат часу – у выніку людзі паціху адыходзяць.

На сёння сталых перакладчыкаў кірылічнага Gnome па сутнасці няма.

Гэта, вядома, абсалютна не паказнік нейкай агульнай нізкай актыўнасці беларускіх перакладчыкаў. Ёсць іншыя праекты, кшталту xfce – ім займаецца толькі адзін чалавек, які тым не менш цалкам падтрымлівае пераклад. OpenOffice, Firefox… Той жа Gimp — вельмі вялікі пакунак — Глеб Валошка пераклаў яго амаль цалкам.

Але вось чамусьці менавіта вакол інфраструктурных рэчаў кшталту Gnome шмат людзей не з’яўляецца. Людзей цікавяць канкрэтныя праграмы і не вельмі цікавіць інфраструктура, у якой яны запускаюцца.

Праца над перакладам у вашым выпадку часцяком азначае фактычна стварэнне новай мовы, бо пэўных сталых выразаў ці словаў у класічнай мове да таго не было. Раскажы, калі ласка, якім чынам адбываецца шліфоўка гэтых перакладаў?

Людзі заўжды прыходзяць з нейкімі сваімі новымі словамі, якія ўзніклі ў выніку няведання, як перакласці пэўнае слова: штосьці прыдумалі, штосьці зрабілі калькаю з рускай, ці па-варварску нейкай ангельшчыны дадалі. Звычайна, калі гэта вельмі прынцыповыя рэчы, на якія ўжо ёсць вялікі аб’ём перакладаў з іншай тэрміналогіяй, гэта, вядома, трэба выпраўляць. Усе выпраўленні ў выглядзе diff-у высылаюцца чалавеку, які іх праглядае, знаходзіць адрозненні, выказвае свае заўвагі. Бывае, штосьці аднаўляецца. Але я не памятаю, каб былі нейкія прынцыповыя спрэчкі наконт таго ці іншага перакладу пэўнага слова. Проста людзі часта не ведаюць, дзе паглядзець пераклад нейкага канкрэтнага паняцця. Інфраструктуры вакол беларускага перакладу няма.

Цяпер існуе шэраг адасобленых праектаў перакладу розных праграм – фактычна розныя каманды ствараюць розныя гласарыі, розныя падмноствы мовы. Які твой погляд на гэтую сітуацыю? Ці ёсць рэчы, якія прынцыпова мусілі быць выпраўленыя аб’ектыўна для ўсіх?

Вядома, было б добра мець узгодненую пазіцыю паміж рознымі перакладчыкамі. Але, як паказвае практыка, часцей за ўсё ў кожнага з іх нейкае свае ўяўленне пра мову. Увогуле, беларуская мова ды беларуская культура цяпер досыць анархічныя. “Хто как хаціт, тот так і гаварыт”. Часам гэта проста нейкія альтэрнатыўныя варыянты, якія не горш, не лепш. Ну, мова жыве — хай яна працягвае жыць, нават у нейкіх варыяцыях.

Зрэшты, ёсць пэўнае імкненне паміж некаторымі людзьмі якраз да ўніфікацыі, ёсць праект pieraklad.org, прысвечаны менавіта кампутарнай тэрміналогіі ў інтэрнэце, людзі ствараюць базу перакладаў. Многія гэтай базай і карыстаюцца. Хто не хоча, той не хоча — нікога немагчыма прымусіць. Калі б супольнасць беларусаў была шырэйшая, дык тады можна было б выбіраць, што больш даспадобы. А калі, напрыклад, перакладам Firefox займаецца толькі адзін чалавек, то ў любым выпадку даводзіцца карыстацца тым, што ёсць.

У якасці экспертаў, у тым ліку ў нейкіх спрэчных пытаннях, не запрашаюцца лінгвісты, філолагі?

Напрыклад, у перакладчыка OpenOffice Юры Тарасевіча, наколькі я ведаю, ёсць блізкі сябар Юрась Пацюпа — досыць знаны сучасны беларускі лінгвіст. Тарасевіч з ім раіўся, у тым ліку ў выпадку нейкіх новых словаў, якіх проста няма нідзе, і нават у рускім інтэрфейсе яны перакладзеныя вельмі вычварна… Пра іншыя выпадкі супрацоўніцтва я не ведаю. Дзеля гэтага трэба мець жаданне яшчэ і з іншага боку.

А як наконт Таварыства Беларускай Мовы, якое абвяшчае, што гатовае дапамагаць усім і кожнаму ў справе беларускіх перакладаў?

Што да мяне, дык мне ўяўляецца, што ТБМ не гатовае да такога кшталту працы.

Чаму? Не хапае ведаў у прадметнай галіне?

Так, бракуе ведання прадмета. Акрамя таго, тое ж ТБМ, наколькі я яго ўяўляю, хіліцца да даволі русіфікаванай формы мовы. І таму што да пытанняў кшталту “як перакласці англійскае слова X, якое па-руску перакладаецца словам Y”, хутчэй за ўсё будзе адказ “так, як у слоўніку”. І хай нават слоўнік выдадзены ўжо за незалежнай Беларуссю, але кампутарная тэрміналогія там будзе перакладзеная калькай з рускай мовы. Гэта непрымальна амаль што ні для каго з дзейных перакладчыкаў.

Чаго не стае дзеля паляпшэння якасці беларускіх перакладаў: шырыні аўдыторыі, колькасці перакладчыкаў, пляцовак для публічнай дыскусіі?

Калі б у шырокага кола людзей узнікала думка, што трэба нешта мяняць, паляпшаць і г.д., дык і дыскусія пачалася б, і механізмы знайшліся б. На тых жа блогах, прынамсі. Я нават не кажу пра нейкія тэхнічныя рэчы кшталту спісу ліставання, у якія людзі могуць не звяртацца. Але было б чуваць скаргі, прапановы дапамогі ці пытанні “як лепш было б..?”. Я гэтага пакуль не бачу.

У нас няма лічыльніка, які б паказваў, колькі дакладна людзей карыстаецца канкрэтнымі версіямі вольных праграм. Наколькі я ведаю, досыць шмат людзей падчас інсталяцыі сістэмы выбіраюць беларускую мову. Але многім штосьці не падабаецца, дый погляды на тое, якой мусіць быць беларуская мова ў кампутарных інтэрфейсах, у розных людзей вельмі розныя (бо няма супольнай традыцыі). Таму вельмі шмат людзей вяртаецца да мовы інтэрфейсу, якую яны раней выкарыстоўвалі ў іншых аперацыйных сістэмах, — рускай ці англійскай.

Але сярод тых, хто ўсё ж карыстаецца беларускімі перакладамі, актыўнасць у накірунку таго, каб перакладаць самастойна ці дапамагаць паляпшаць пераклады, — вельмі і вельмі нізкая. Яна не адпавядае нават той мінімальнай базе карыстальнікаў, якая відавочна ёсць.

І гэта відаць не толькі з таго, што няма перакладаў, але і з таго, што мала хто выказваецца наконт іх якасці. Вельмі ўзорная сітуацыя: ужо недзе год-паўтара ў Ubuntu ёсць баг. Зборшчыкі пакету пераблыталі, і ў беларускім інтэрфейсе Gnome у “падказках” да элементаў аздаблення вокнаў паставілі бенгальскую мову замест беларускай (блытаніна ўзнікла вакол індэксу “be”). Бенгальская мова выглядае як індыйская вязь. Паўтара года гэта нікога не цікавіць — ані стваральнікаў дыстрыбутыву, ані карыстальнікаў. У справаздачы пра памылку, якую я паўтара года таму напісаў, адзначыліся адно я і яшчэ іншы перакладчык, які проста гэтую праблему заўважыў. А нейкіх заўваг ад карыстальнікаў кшталту “давайце хутчэй выправім, бо гэтым немагчыма карыстацца”, я не бачыў. Гэта мяне вельмі здзіўляе.

Табе асабіста шмат даводзілася бачыць беларускіх інтэрфейсаў для прапрыетарных праграм? Якое тваё ўражанне адносна іх якасці?

Тое, што я бачыў, звычайна было не вельмі высокай якасці, нават не цалкам перакладзенае. Магчыма, гэта звязана з тым, што ў адрозненне ад свабодных праграм для закрытых прадуктаў на платформе Windows няма простых стандартызаваных інструментаў для перакладу.

Адсюль мабыць, паходзіць і недасканаласць перакладу, і тое, што пераклады існуюць толькі для старых версій праграм. То бок, нават каб перанесці пераклад з версіі N прапрыетарнай праграмы на версію N+1, магчыма, давядзецца перарабляць усё нейкім чынам уручную, хай нават змянілася толькі 10 працэнтаў інтэрфейсу. У нашай сітуацыі, калі перакладчыкаў і так вельмі мала, нават тыя намаганні, якія былі ўкладзеныя, звычайна праз год-два такім чынам губляюцца.
Проста таму, што ў аўтараў папярэдняга перакладу няма ўжо жадання паўтараць работу. Таму звычайна гэтых перакладаў мала і яны кепскія.

Але ёсць і якасная праца для Windows-праграм: Opera, OpenOffice.org, Mozilla…
Зрэшты, гэта мы ўсё маем і на свабодных аперацыйных сістэмах ;)

Мы размаўлялі пра пераклады, зробленыя добраахвотнікамі, але ці не выпускаюць фірмы-распрацоўшчыкі беларускіх перакладаў да прапрыетарных праграм?

Магчыма, нейкія фірмы і выпускаюць дзеля ўласнага прэстыжу беларускамоўныя версіі сваіх праграм. Але я пра такое не чуў і звычайна гэта сапраўды робяць добраахвотнікі. Часам такая дзейнасць нават з’яўляецца нібыта нелегальнай з пункту гледжання ўласнікаў праграмы.

Колькі твайго часу забірае актыўнасць у галіне перакладаў?

Трэба падзяляць сітуацыі, калі я сам перакладаю і калі проста дапамагаю парадамі, праглядам перакладаў, выпраўленнем памылак, якія, дарэчы, звычайна вельмі простыя, кшталту ў няправільным месцы пастаўленых мяккіх знакаў ці яшчэ чагосьці падобнага.

Каардынацыя – гэта значыць, атрымаць пераклад, прачытаць, паказаць чалавеку, якія былі хібы, і дадаць гэта ў upstream – вымагае недзе гадзіны-паўтары на тыдзень.

А ўжо на пераклад, які я сам раблю, можа ісці вельмі шмат майго часу, нават да трох гадзін у дзень. Гэта я ўзгадваю часы, калі актыўна рабіўся пераклад беларускай лацінкай, калі працэнты выканання перакладу вельмі хуткімі тэмпамі рухаліся, і быў спартовы раж “ці дасягнем мы да наступнага выдання статусу поўнай падтрымкі”. Тады вельмі шмат вольнага часу трацілася. Але гэта мой вольны час, я атрымліваю ад гэтага задавальненне, я не ўважаю гэта за работу.

Якую б ты параду даў людзям, якія былі б радыя карыстацца свабоднымі праграмамі з беларускім інтэрфейсам, але не ведаюць, з чаго ім пачаць і куды прыкласці свае першыя намаганні, каб палепшыць якасць перакладаў?

Па-першае, трэба ўсвядоміць, што свабодны софт таму ёсць свабодным, што “парог” для удзелу ў такіх праектах нашмат ніжэйшы, чым тое, што гэтыя людзі, магчыма, маглі ўбачыць на платформе Windows. Усвядоміць, што “немагчымае” — магчыма. Што сапраўды можна зрабіць вельмі якасны беларускі інтэрфейс рабочага асяродку, што гэта рэальна.

Па-другое, добра, калі людзі гатовыя і самі перакладаць. Але вядома, што гэты занятак не для кожнага прыносіць задавальненне. Тым не менш перакладчыкам прыемна ў любым выпадку адчуваць нейкую зваротную сувязь. Адчуваць, што тваімі перакладамі карыстаюцца, знаходзяць нейкія памылкі, пішуць пра гэта, хай нават у не вельмі прыемнай форме :) Гэта надае пэўнага імпэту далей працягваць працу і лепш яе рабіць.

Калі ж ёсць жаданне асабіста паўдзельнічаць у перакладах, то можна пачаць з таго, каб зайсці на сайт pieraklad.org, створаны як спроба адзінага сайту перакладчыкаў вольных праграм. Там прынамсі можна знайсці спасылкі на адрасы людзей, да якіх можна звярнуцца з пытаннем наконт перакладу пэўнай часткі той ці іншай праграмы. Таксама можна звярнуцца да чалавека, які стварыў гэты сайт, — ён паведаміць, да каго канкрэтна звярнуцца, калі патрэбнай інфармацыі вы не знайшлі.

Апроч іншага, звесткі пра каардынатараў перакладаў ёсць і на афіцыйных сайтах шмат якіх вольных праектаў, дзе падтрымліваецца беларуская мова. Таму цяжкасці ў тым, каб выйсці на кантакт, няма. Абы было жаданне.

Ну і нарэшце, трэба перад пачаткам перакладу ўсвядоміць, што сур’ёзная праца будзе не зусім простай, што пераклад патрабуе пэўнага часу… і вялікай цярплівасці. Але гэта вартая і годная справа.

Сетевые решения 2009

blog comments powered by Disqus