Міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабодных праграм

Гісторыя LVEE

Адкуль пачаўся LVEE

У 2003 годзе менская суполка карыстальнікаў Linux паспяхова зладзіла імпрэзу, прысвечаную дзесяцігоддзю вядомай свабоднай дыстрыбуцыі Debian GNU/Linux. Пасля яе ўзнікла жаданне зарганізаваць што-небудзь грунтоўнейшае.

Другім поштурхам стаўся візіт вялізнай беларускай дэлегацыі на Linux Fest, які адбыўся ў 2004 годзе ў Расіі… Гэта імпрэза, якая больш пасуе для людзей, якія валодаюць турыстычным досведам і здольныя з пару дзён жыць далёка ад цывілізацыі. У выніку сябры беларускай дэлегацыі зразумелі, што яны хочуць зладзіць штосьці падобнае і ў Беларусі, хоць і ў крыху змененым фармаце… Для сямейных людзей, тых, хто з прычыны занятасці на працы проста не дастаў такога досведу. Мэтавую аўдыторыю найлепш можна апісаць гэтак: тэхнічныя адмыслоўцы, якія выкарыстоўваюць свабодныя праграмы ў сваёй штодзённай дзейнасці.

З справаздачаў арганізацыйнага камітэту пра мінулыя канферэнцыі

LVEE 2005 – упершыню

Пад Горадняй адбыўся арганізаваны менскай суполкаю карыстальнікаў Linux і кампаніяй SaM Solutions першы з’езд Linux Vacation / Eastern Europe (“Усходнееўрапейскія Linux-вакацыі”), дзе было блізу 80 распрацоўнікаў, інтэгратараў і карыстальнікаў Linux з Беларусі, Польшчы, Расіі і Ўкраіны.

На зладжанай у межах LVEE двухдзённай канферэнцыі былі прадстаўленыя тэмы досыць шырокага спектру – ад праблем інтэграцыі і праўных бакоў выкарыстання прадуктаў свабоднага праграмавання да канкрэтных тэхнічных пытанняў, напрыклад, пра дамовыя забаўляльныя цэнтры, Linux-кластэры і тэрмінальныя сеткі, праектаванне графічных інтэрфэйсаў і г.д.

LVEE 2005

LVEE 2006 – немагчымае зроблена

Навукова-практычная канферэнцыя кіравала настроем усіх узаемінаў на з’ездзе, найцікавейшыя тэмы пераплывалі з залы ў кулуары, і нават пры шашлыках гамонка вялася аб сеткавых пратаколах і сістэмах пакавання праграм.

Сярод выступленняў, якія выклікалі найбольшую цікаўнасць удзельнікаў, варта адзначыць расказ Яўгена Кажухоўскага пра сістэму тарыфікацыі доступу ў сеціва на “МДТС”, выступленне Іллі Мартынава, які падзяліўся досведам выкарыстання злучэння PHP5+SOAP у камерцыйных праектах, а таксама аповед Віталя Хілько з “SaM Solutions” пра стварэнне аўтаматычнай сістэмы ў справе збудавання і падтрымання вузкапрофільных дыстрыбуцый, які ўдзельнікі канферэнцыі вызналі за найлепшы.

Жывыя дыскусіі таксама выклікалі расказ пра несвабоднае асяроддзе распрацоўніка “Sun Studio 11” і працяг леташняга выступлення распрацоўнікаў “Mozilla” пра платформу хуткага распрацоўвання графічных інтэрфэйсаў XUL, а пытанне прасоўвання свабодных праграмных прадуктаў сярод карыстальнікаў, СМІ і камерцыйных структур легла ў падмурак адразу двух круглых сталоў і яшчэ аднаго выступлення.

LVEE 2007 – вынікі

Як і раней, праграма мерапрыемства ўлучала міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, прысвечаную прадуктам свабоднага праграмавання. Праграма канферэнцыі ўлучыла два круглыя сталы, якія датычылі выкарыстання open source у галіне адукацыі і пытанняў уладкавання адмыслоўцаў, якія працуюць з свабодным праграмнымі прадуктамі, на працу.

Тэматыка выступленняў ахапляла вельмі розныя кірункі: ад праўных асаблівасцяў свабодных ліцэнзій да адміністравання складаных карпарацыйных сеткавых інфраструктураў. Асаблівую ўвагу ўдзельнікі звярнулі на сучасныя сістэмы праграмавання і тэхналогіі калектыўнага распрацоўвання.

Узнагароду за найцікавейшае выступленне аўдыторыя прызначыла расказу на тэму “Agile development” (гнуткая метадалогія распрацоўвання праграм).

Матэрыялы выступленняў апублікаваныя на сайце, а да пачатку канферэнцыі выдадзенае адмысловае выданне часопісу “Сетевые решения” з тэзісамі, артыкуламі, інтэрв’ю ды іншай інфармацыяй пра LVEE.

LVEE 2007

LVEE 2008 – канферэнцыя адбылася

Гэтым разам як ніколі актыўны ўдзел у канферэнцыі прынялі IT-кампаніі. Фундатарскае падтрыманне канферэнцыі аказалі фірмы SaM Solutions, EPAM Systems, Alatys, Promwad, BLRSoft і Onliner. Павялічылася цікаўнасць да свабоднага праграмавання і ў дзяржаўных структурах. Сярод арганізацый, якія даслалі сваіх прадстаўнікоў на канферэнцыю, варта згадаць НДІ Тэхнічнай абароны інфармацыі, Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь, АСБ “Беларусбанк”.

Выступленні канферэнцыі былі падзеленыя на тэматычныя блокі, сярод якіх вылучаліся такія кірункі, як выкарыстанне свабодных праграм у галіне адукацыі, распрацоўванне пад адкрытыя платформы і іх адміністраванне, распрацоўванне ўбудаваных прадуктаў на грунце GNU/Linux у мабільных прыладах, перспектыўныя тэхналогіі вэб-праграмавання.

Упершыню ў гісторыі “Linux Vacation / Eastern Europe” у асобны “круглы стол” былі вылучаныя мерапрыемствы, прысвечаныя праекту Debian (найбуйнейшай у свеце дыстрыбуцыі GNU/Linux, якую распрацоўвае супольнасць добраахвотнікаў).

LVEE 2008

LVEE 2009 – mission complete

У канферэнцыі ўзялі ўдзел каля 150 карыстальнікаў і распрацоўнікаў свабодных праграм з Беларусі, Расіі, Украіны і іншых краінаў.

У гэтым годзе была прадстаўленая выбітная колькасць выступленняў – блізу 30. Расказы ахаплялі шырокае кола тэмаў – ад выкарыстання свабодных праграм у медыцыне, журналістыцы і бізнэсе да інструментаў кіравання распрацоўваннем праграмаў, магчымасцяў тэхналогій віртуалізацыі, асаблівасцяў стварэння праграм для мабільных прыладаў. Таксама ў асадах канферэнцыі ўпершыню зладжаная вольная дыскусія на тэму “usability & open source”, а кампанія Zyxel прэзентавала серыю сваіх прадуктаў на базе Linux.

Удзельнікі канферэнцыі прызналі за лепшае выступленне Максіма Літніцкага (Масква, РФ) пра свабодную тэлекамунікацыйную платформу Asterisk.

Канферэнцыю падтрымалі беларускія кампаніі SaM Solutions, Promwad и “Локальные сети”, інфармацыйнымі партнэрамі сталі парталы it-job.by, open.by, usability.by, it-event.ru, root.ua, польскі часопіс Linux Magazine і беларускі часопіс Сетевые решения.
Сувязь з сецівам прэзентаваная кампаніяй МТС.

LVEE 2010 – here we are

На канферэнцыю на турыстычнай базе пад Горадняй сабраліся паўтары сотні карыстальнікаў і распрацоўнікаў свабоднага апраграмавання з сямі краін-удзельніц. Было здзейснена больш за 30 выступленняў на шырокі абсяг тэмаў – ад выкарыстання свабодных праграмных прадуктаў у навуцы і бізнэсе да сродкаў яго распрацавання, партатыўных прылад са свабодным апраграмаваннем, асаблівасцяў свабодных праектаў і адкрытых стандартаў. Сацыяльную тэматыку дапоўнілі круглы стол, прысвечаны грамадскай ролі свабоднага праграмавання, і тэматычныя відэапрагляды. Таксама вялікі інтарэс выклікала новая для LVEE секцыя бліц-выступленняў.

Публіка прызнала за найлепшае выступленне Максіма Мельнікава “Gentoo Embedded на зоопарке платформ”. Аўтару выступлення-пераможцы ўручылі памятны знак ад арганізацыйнага камітэта і фундатарскую ўзнагароду ад кампаніі Promwad, што дапоўніла аўтарскі звярынец прылад з убудаваным Linux.

Канферэнцыю падтрымалі кампаніі SaM Solutions, Promwad, EPAM Systems і Локальные сети. Відэазапіс выступленняў забяспечыў партнэр канферэнцыі it-job.by. Сувязь з Інтэрнэтам для ўдзельнікаў забяспечыла кампанія МТС, а пакрыццё зоны правядзення канферэнцыі сеткай Wi-Fi – кампанія ePoint Systems Ltd.. Інфармацыйнымі партнэрамі сталі часопісы Linux Magazine і IT Business week, а таксама парталы і кампаніі [Root@UA]Media, IT Event, usability.by, hh.by, PBXWare.ru.