Міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабодных праграм

Linux Vacation / Eastern Europe 2009: пачалася рэгістрацыя ўдзельнікаў

2-5 лiпеня блізу Горадні адбудзецца 5-ая Міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабоднага праграмнага забеспячэння Linux Vacation / Eastern Europe (LVEE 2009). Мерапрыемства спалучае тэматычныя абмеркаванні і адпачынак адмыслоўцаў і энтузіястаў у галіне свабоднага праграмнага забеспячэння, у тым ліку платформы GNU/Linux.

Арганізатарам LVEE 2009 з’яўляецца Minsk Linux Users Group пры падтрымцы актыўных чальцоў супольнасці open source з Горадні і Берасця.

Рэкамендуемыя для ўдзелу ў канферэнцыi мовы: руская,беларуская и ангельская.

Запыты на ўдзел прымаюцца да 12 чэрвеня, тэзісы дакладаў – да 24 мая.

Фармат канферэнцыі ўлучае даклады, workshop’ы і круглыя сталы. Да паслугаў дакладчыкаў канферэнц-зала, праектар, гукавая апаратура. Да пачатку канферэнцыі будзе выдадзены зборнік тэзісаў. Тэматыка дакладаў, між іншага, можа датычыць распрацоўкі і суправаджэння свабоднага праграмнага забеспячэння, укаранення і адміністравання рашэнняў на ягонай базе, асаблівасцяў выкарыстання свабодных ліцэнзій. Канферэнцыя ахопвае вялікі абсяг платформаў – ад працоўных станцый і сервераў да ўбудаваных сістэм і мабільных прыстасаванняў.

Аўтары дакладаў, прадстаўнікі спонсараў і прэсы вызваленыя ад сплачвання арганізацыйнага ўнёску. Таксама згодна з вынікамі галасавання аўдыторыі будзе прызнаная ўзнагарода за найлепшы даклад.

Спіс спонсараў канферэнцыі ўдакладняецца. На сёння пра свой удзел
абвесцілі кампаніі SaM Solutions, Promwad, Локальные сети.

Атрымаць дадатковую інфармацыю ды зарэгістравацца ўдзельнікам ці дакладчыкам можна на сайце www.lvee.org.