Пачаўся прыём заяваў на LVEE 2011
27 красавіка 2011, 20:32
Сёмая міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабоднага праграмавання Linux Vacation / Eastern Europe адбудзецца з 30 чэрвеня да 3 ліпеня пад Гроднам.
Афіцыйныя мовы канферэнцыі – руская, беларуская і англійская. У Linux Vacation / Eastern Europe прафесійны абмен досведам спалучаецца з трохдзённымі нефармальнымі дачыненнямі з іншымі ўдзельнікамі на прыродзе. Фармат канферэнцыі ўлучае слуханне дакладаў, кароткіх выступаў, удзел у workshop’ах, круглых сталах. Абсяг тэмаў, выяўленых на канферэнцыі, традыцыйна шырокі — ад расповедаў пра новыя свабодныя тэхналогіі, праграмныя прадукты і досвед іх укаранення да аналізу праўных і эканамічных бакоў свабодных ліцэнзій.
Каб узяць удзел у LVEE 2011, трэба зарэгістравацца на сайце ініцыятывы http://lvee.org. На гэтым адрасе можна таксама знайсці падрабязнейшую інфармацыю ўласна пра канферэнцыю: гісторыю праекта, патрабаванні да афармлення тэзісаў, звесткі пра даезд і жытло для ўдзельнікаў, матэрыялы з мінулых канферэнцый.
Заявы на ўдзел і тэзісы дакладаў прымаюцца да 12 чэрвеня.
Таксама арганізацыйны камітэт запрашае да ўдзелу фундатараў. Мерапрыемства традыцыйна падтрымліваюць IT-фірмы, зацікаўленыя ў супрацы з кваліфікаванымі адмыслоўцамі галіны свабоднага праграмавання, а таксама ў падтрымцы культуры свабоднага праграмавання як сацыяльна важкага феномена. Удзел у LVEE-2011 дае такім фірмам выключную магчымасць простай працы з аўдыторыяй, якую складаюць найбольш дзейныя распрацоўнікі і карыстальнікі свабодных праграм.
Ужо цяпер пра падтрымку LVEE-2011 абвесцілi кампаніi SaM Solutions, Promwad, EPAM Systems, рэсурсы hoster.by i it-job.by.