Скончылася канферэнцыя LVEE-2010
06 ліпеня 2010, 14:36
У мінулыя выходныя пад Горадняю адбылася канферэнцыя Linux Vacation / Eastern Europe.
Канферэнцыя сабрала на турыстычнай базе пад Горадняю з паўсотні карыстальнікаў і распрацоўнікаў свабодных праграмаў з сямі краін-удзельніц. Было прадстаўлена блізу 30 выступленняў у шырокім абсягу тэмаў – ад выкарыстання свабодных праграмаў у навуцы і бізнэсе да сродкаў яго распрацоўвання, партатыўных прыладаў з свабодным ПЗ, асаблівасцяў свабодных праектаў і адкрытых стандартаў. Сацыяльную тэматыку дапоўнілі круглы стол пра сацыяльную ролю свабоднага праграмавання і тэматычныя відэа-прагляды. Таксама вельмі ажывіла аўдыторыю ўпершыню дзейная на LVEE секцыя бліц-выступленняў.
Публіка прызнала найлепшым выступленне Максіма Мельнікава “Gentoo Embedded на зоопарке платформ”. Аўтару выступлення-пераможца ўручылі памятны знак ад арганізацыйнага камітэта і ўзнагарода ад фундатара – кампаніі Promwad, якая дапоўніла ягоны асабісты звярынец прыладаў з убудаваным Linux.
Тэзісы выступленняў апублікаваныя ў форме тэматычнага дадатку да выпуску беларускага часопіса IT Бел, а таксама ў блізкім часе з’явяцца на сайце канферэнцыі. Таксама чакаем з’яўлення ў вольным доступе відэа выступленняў, якія запісваліся дзякуючы партнэру канферэнцыі it-job.by.
Канферэнцыю падтрымалі кампаніі SaM Solutions, Promwad, EPAM Systems і Локальные сети.
Інфармацыйнымі партнэрамі сталі часопісы Linux Magazine і IT Business week, а таксама парталы і кампаніі [Root@UA]Media, IT Event, usability.by, hh.by, PBXWare.ru. Сувязь з сецівам удзельнікам забяспечыла кампанія МТС.