Міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабодных праграм

Пачаўся прыём заяваў на LVEE 2010

27 сакавіка 2010, 20:51

Шостая міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабоднага праграмавання Linux Vacation / Eastern Europe адбудзецца з 1 да 4 ліпеня на тэрыторыі турыстычнай базы “Хімік” у Гродзенскай
вобласці. Арганізацыйны камітэт ужо пачаў прымаць даклады і заявы на
ўдзел, а таксама запрашае фундатараў да супрацы. Падрабязнасці — на
сайце http://lvee.org

Штогадовая беларуская канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабоднага праграмавання заўсёды збірае пад Гроднам адмыслоўцаў гэтай галіны з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Еўрасаюза і інш.

Важкім складнікам папулярнасці Linux Vacation / Eastern Europe з’яўляецца яе фармат — прафесійны абмен досведам спалучаецца тут з трохдзённымі нефармальнымі дачыненнямі з іншымі ўдзельнікамі на прыродзе. Арганізацыйны камітэт дзейнічае на грунце валантэрства і займаецца зборам дакладаў, складаннем праграмы канферэнцыі, такім чынам забяспечваючы ёй высокі прафесійны ўзровень. Фармат канферэнцыі ўлучае слуханне дакладаў, кароткіх выступаў, удзел у workshop’ах, круглых сталах. Абсяг тэмаў, выяўленых на канферэнцыі, традыцыйна шырокі — ад расповедаў пра новыя свабодныя тэхналогіі, праграмныя прадукты і досвед іх укаранення да аналізу прававых і эканамічных бакоў свабодных ліцэнзій.

Каб узяць удзел у LVEE 2010, трэба зарэгістравацца на сайце ініцыятывы http://lvee.org. На гэтым адрасе можна таксама знайсці падрабязнейшую інфармацыю ўласна пра канферэнцыю: гісторыю праекта, патрабаванні да афармлення тэзісаў, звесткі пра даезд і жытло для ўдзельнікаў, матэрыялы з мінулых канферэнцый.

Заявы на ўдзел прымаюцца да 12 чэрвеня, тэзісы дакладаў – да 24 траўня.

Таксама арганізацыйны камітэт запрашае да ўдзелу фундатараў. Мерапрыемства традыцыйна падтрымліваюць IT-фірмы, зацікаўленыя ў супрацы з кваліфікаванымі адмыслоўцамі галіны свабоднага праграмавання, а таксама ў падтрымцы культуры свабоднага праграмавання як сацыяльна важкага феномена. Удзел у LVEE-2010 дае такім фірмам выключную магчымасць простай працы з аўдыторыяй, якую складаюць найбольш дзейныя распрацоўнікі і карыстальнікі свабодных праграм.

Ужо цяпер пра падтрымку LVEE-2010 абвесцілі кампаніі Sam solutions, Promwad і “Локальные сети”, часопiс IT Бел (IT Дырэктар).

Аўтар: Dmitriy Kostiuk

Назад да спісу навінаў
blog comments powered by Disqus