Міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабодных праграм

Адкрыты прыём заяў на LVEE Winter 2016

11 студзеня 2016, 05:37

Міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстачоў вольнага праграмнага забеспячэння Linux Vacation / Eastern Europe Winter 2016 пройдзе з 12 па 14 лютага пад Мінскам.

Адкрыты прыём дакладаў і заяў на ўдзел, запрашаюцца да супрацы спонсары.

LVEE Winter 2016, зімовая сесія канферэнцыі Linux Vacation / Eastern Europe, пройдзе ў чарговы раз на дадатак да традыцыйнага летняга варыянту LVEE, які штогод збірае ўдзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Еўразвяза і інш. пачынаючы з 2005 года. LVEE яднае камунікаванне і адпачынак энтузіястаў у вобласці вольнага праграмнага забеспячэння і з’яўляецца на сённяшні дзень галоўнай падзеяй у грамадскім жыцці беларускай супольнасці распрацоўнікаў і карыстачоў адкрытага ПЗ.

Мэта правядзення LVEE Winter – памен досведам паміж спецыялістамі па праектаванні, распрацоўцы, укараненню, суправаджэнню і развіццю рашэнняў Open Source, а таксама прадстаўнікамі IT-бізнесу, зацікаўленымі ў феномене вольнага ПЗ, абмеркаванне ролі вольных тэхналогій у эвалюцыі бізнес-рашэнняў, карпарацыйных і дзяржаўных ІТ-сістэм.

Афіцыйныя мовы канферэнцыі – руская, беларуская і ангельская. Фармат улучае пераважна даклады і кароткія выступы; таксама вітаюцца круглыя сталы, варкшопы, код-спрынты. Спектр тэмаў канферэнцыі традыцыйна шырокі — ад аповеда пра новыя вольныя тэхналогіі, праграмныя прадукты, досвед іх укаранення і пабудову бізнесу на грунце адкрытых тэхналогій да аналізу прававых і эканамічных аспектаў вольнага ліцэнзавання. Чытары, а таксама прадстаўнікі кампаній-фундатараў і прэсы, вызваленыя ад аплаты арганізацыйнага ўнёску.

Для ўдзелу ў LVEE Winter 2016 патрабуецца зарэгістравацца на сайце канферэнцыі http://lvee.org. Заявы на ўдзел прымаюцца да 8 лютага. Перад улучэннем у праграму тэзы дакладаў праходзяць этап калектыўнага рэцэнзавання, таму чытарам трэба ў час падаць патрабаваныя матэрыялы, скарыстаўшыся сістэмай анлайн-рэдагавання тэзаў на сайце канферэнцыі.

Аргкамітэт запрашае да ўдзелу спонсараў. На бягучы момант выказалі жаданне падтрымаць LVEE Winter 2016 кампаніі EPAM Systems, SaM Solutions, MyCloud, Tages Jump, hoster.by.

Аўтар: Галина Балашкова

Назад да спісу навінаў
blog comments powered by Disqus