Міжнародна конференція розробників
і користувачів вільного програмного забезпечення

Results of LVEE 2012

19 червня 2012, 14:32

07—10 чэрвеня пад Гроднам прайшла восьмая міжнародная канферэнцыя Linux Vacation / Eastern Europe.

На турыстычнай базе пасярод ляснога заказніка сабраліся каля 150 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Літвы, Эстоніі і Азербайджана. Было прадстаўлена 26 дакладаў на тэмы, якiя так ці інакш датычацца Свабоднага праграмнага забеспячэння.

Embedded-тэматыка была шырока прадстаўлена дакладамі ў галіне распрацоўкі праграмнага і апаратнага забеспячэння для ўніверсальных і спецыялізаваных прылад. У тэме моў і сродкаў праграмавання назіраўся рост цікавасці да Erlang і рашэнняў, заснаваных на гэтай мове. Даклады на даследчую тэматыку склалі асобную падсекцыю і тычыліся паралельных вылічэнняў, задач аналізу кода і фізічнага мадэлявання. Даклады па сістэмным адміністраванні былі звязаныя з высоканагружанымі сістэмамі і сэрверамі высокай надзейнасці; як заўсёды ў апошнія гады, не абышлося і без воблачных вылічэнняў. Асаблівая ўвага гэтым годам была нададзеная сродкам пабудовы дыстрыбутываў — ад заснаванай на SUSE Open Build System да новых мета-дыстрыбутыўных асаблівасцяў якія знаходзяцца ў распрацоўцы 7-й платформы ALTLinux.

Дакладчыкі не абышлі бокам вольныя інструменты для творчасці, у тым ліку сродкі працы з выявамі падвышанай глыбіні колеру, падрыхтоўкі аўтарскіх электронных публікацый і прафесійнае праграмнае забеспячэнне для двухмернай графікі.

Культурная праграма ўключала шоў з этнічнымі барабанамі, арганізаванае кампаніяй EPAM Systems. Працягнулася і нязменна карыстаецца поспехам традыцыя бліц-дакладаў.

Па рашэнні публікі лепшым быў прызнаны даклад Лукаша Свярчэўскага «International system of nuclear gamma-ray detection using dedicated hardware sensors — Radioactive@Home project». Аўтар атрымаў памятны прыз ад аргкамітэта і плаг-кампутар у якасці спонсарскага прыза ад кампаніі Promwad. Таксама памятныя прызы былі ўручаны Міколу Маржану за лепшы бліц-даклад і Вікторыі Важжовай за вячэрні майстар-клас па маляванні ў вольных графічных рэдактарах Alchemy, Gimp і MyPaint.

Зборнік матэрыялаў, выдадзены да пачатку канферэнцыі, утрымлівае тэзісы дакладаў LVEE 2012 і LVEE Winter 2012 — упершыню праведзенай у лютым бягучага года выязной зімовай сесіі канферэнцыі. Акрамя таго, у зборнік уключаны традыцыйныя інтэрвію з удзельнікамі LVEE. Тэзісы разам з прэзентацыямі даступныя таксама на афіцыйным сайце канферэнцыі summer.lvee.org ў раздзеле «Даклады». Там жа на працягу месяца з’явіцца відэа выступаў, запіс якіх вялася дзякуючы партнёру канферэнцыі it-job.by. А на галоўнай старонцы можна будзе ўбачыць выбраныя фота з канферэнцыі і спасылку на спіс галерэй удзельнікаў.

Падтрымку канферэнцыі аказалі кампаніі SaM Solutions, Promwad, EPAM Systems, WORLD of TANKS team, hoster.by. Хуткую інтэрнэт-сувязь ўдзельнікам забяспечыла кампанія MTС.

Інфармацыйнымі і тэхнічнымі партнёрамі канферэнцыі ў гэтым годзе выступілі парталы і праекты linux.by, Root@UA, it-job.by, IT-Event.Ru, usability.by, RABOTA.TUT.BY, mega-admin, Кампутарныя весткі, dev.by, sCommunityBY, weblancer.net, it.tut.by, ukrdev.net, sms-assistent, techlabs.by, itfan.by, ePointSystem.

Автор: Nick V

Назад до списку новин