Міжнародна конференція розробників
і користувачів вільного програмного забезпечення

Пачаўся прыём заяваў на LVEE 2012

24 квітня 2012, 07:53

Восьмая міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабоднага праграмавання Linux Vacation / Eastern Europe адбудзецца з 7 да 10 чэрвеня пад Гроднам.

Арганізацыйны камітэт ужо пачаў прымаць даклады і заявы на ўдзел, а таксама запрашае фундатараў да супрацы.

Штогадовая беларуская канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабоднага праграмавання заўсёды збірае пад Гроднам адмыслоўцаў гэтай галіны з Беларусі, Расіі, Украіны, краін Еўрасаюза і інш.

Афіцыйныя мовы канферэнцыі – руская, беларуская і англійская. У Linux Vacation / Eastern Europe прафесійны абмен досведам спалучаецца з трохдзённымі нефармальнымі дачыненнямі з іншымі ўдзельнікамі на прыродзе. Фармат канферэнцыі ўлучае слуханне дакладаў, кароткіх выступаў, удзел у workshop’ах, круглых сталах. Абсяг тэмаў, выяўленых на канферэнцыі, традыцыйна шырокі — ад расповедаў пра новыя свабодныя тэхналогіі, праграмныя прадукты і досвед іх укаранення да аналізу праўных і эканамічных бакоў свабодных ліцэнзій. Тэзісы канферэнцыі, якія плануецца выдаць перад канферэнцыяй, змяшчаюць у сабе тэзісы прынятых да LVEE 2012 дакладаў, а таксама матэрыялы зімовай сэсіі LVEE Winter 2012 і традыцыйны блок інтэрв’ю.

Каб узяць удзел у LVEE 2012, трэба зарэгістравацца на сайце ініцыятывы http://lvee.org і заявіць аб удзеле ў LVEE 2012 не пазней за 24 траўня. Прамоўцам канферэнцыі належыць падаць тэзісы прамовы не пазней за гэтую дату з дапамогай сістэмы анлайнавага рэдагавання і рэцэнзавання на сайце канферэнцыі. Паводле традыцыі LVEE прамоўцы вызваляюцца ад платы арганізацыйнага ўнёску.

На гэтым адрасе можна таксама знайсці падрабязнейшую інфармацыю ўласна пра канферэнцыю: гісторыю праекта, патрабаванні да афармлення тэзісаў, звесткі пра даезд і жытло для ўдзельнікаў, матэрыялы з мінулых канферэнцый.

Таксама арганізацыйны камітэт запрашае да ўдзелу фундатараў. Мерапрыемства традыцыйна падтрымліваюць IT-фірмы, зацікаўленыя ў супрацы з кваліфікаванымі адмыслоўцамі галіны свабоднага праграмавання, а таксама ў падтрымцы культуры свабоднага праграмавання як сацыяльна важкага феномена. Удзел у LVEE-2012 дае такім фірмам выключную магчымасць простай працы з аўдыторыяй, якую складаюць найбольш дзейныя распрацоўнікі і карыстальнікі свабодных праграм.

Ужо цяпер пра падтрымку LVEE-2012 абвесцілi кампаніi SaM Solutions, Promwad, EPAM Systems, WORLD of TANKS team, SOURCEFABRIC, Ciklum , рэсурсы hoster.by i it-job.by.

Автор: Dmitriy Kostiuk

Назад до списку новин