Лінуксоўка ў новым фармаце, занатоўкі выпадковага ўдзельніка аргкамітэта
LVEE Winter 2013
Крыху пра гісторыю лінуксовак MLUG
Безумоўна, лінуксоўкі ў Мінску — з’ява не новая. Яны налічваюць мінімум тры «пакаленні» ўдзельнікаў і мінімум адну спробу афіцыйна аформіць юрыдычную асобу, ад імя якой маглі б праводзіцца афіцыйныя камунікацыі MLUG, калі гэта спатрэбіцца.
І гэта цалкам натуральна, таму што Linux і іншыя Unix-падобныя сістэмы з’явіліся ў Мінску некалькі дзесяцігоддзяў таму, яшчэ ў мінулым стагоддзі і, вядома ж, карыстальнікі і аматары гэтых сістэм мелі патрэбу ў камунікацыі з аднадумцамі не толькі з выкарыстаннем нейкіх сеткавых тэхналогій, але і пры асабістай сустрэчы.
Я не даследваў пытанне глыбока, але першыя тэмы ў раздзеле «Линуксовка» на forum.linux.by датуюцца пачаткам 2002 года. Апошняя версія кіраўніцтва (HOWTO) па правядзенню лінуксовак на Wiki-старонцы linux.by (https://wiki.linux.by/wiki/Linuxovka_HOWTO) была створаная 10 ліпеня 2007 года карыстальнікам Mend0za.
Інфармацыйныя рэсусы, якія аб’ядноўвалі Linux-супольнасць на пачатку XXI стагоддзя
Карыстаючыся толькі прыгаданым вышэй HOWTO, можна зазначыць, што існавалі як мінімум:
- forum.linux.by Месца, адносна жывое і зараз, калі значная частка актыўнасці, асабліва ў моладзі (да 25 год) перайшла ў сацыяльныя сеткі. Даволі даўно існуе больш для пачынаючых.
- Паштовыя рассылкі Крыніца прыгадвае наступныя: «Весьма живая рассылка LVEE . На рассылки mlug-talks@ и mlug-announce@ подписано около 100 человек Подробности про рассылки. Наиболее серьёзная и многочисленная часть из подписчиков форумом пренебрегает, заслуженно считая его песочницей для пионеров.»
- IRC Каналы #unix і #linux на irc.bynets.org і irc.by.
- FIDO Эха bel.softw.unix
Такім чынам, магчымасці абвесціць лінуксоідам пра мерапрыемства на пачатку стагоддзя існавалі. І, як мне здаецца, казаць што ў спадзе лінуксовак вінаватая адсутнасць пляцовак для анонсаў і камунікацыі нельга.
Спад актыўнасці лінуксовак
Наколькі я ведаю, памяньшэнне актыўнасці лінуксовак гэта з’ява не спецыфічная для Беларусі, такое адбываецца ва ўсім свеце.
На маю думку, гэтак адбываецца таму, што лінуксоўкі ў тым выглядзе, як яны існавалі на той час, маглі прапанаваць усё менш і менш перавагаў у параўнанні з анлайн-камунікацыямі:
- З гадамі ўсё больш дасканалая праца пашуковых сістэм дала магчымасць шукаць рэсурсы з адказамі на пытанні мінімальна разумеючы што ты шукаеш без асаблівых навыкаў складання пашуковых запытаў. А пашырэнне папулярнасці Linux дае магчымасць адшукаць адказы на большасць пытанняў, бо нехта ўжо імі цікавіўся.
- Пашырэнне выкарыстання камунікацый з дапамогай сацыяльных сетак прыводзіць да таго, што для сустрэчы ў афлайне павінна быць досыць важкая нагода. Проста адшукаць патрэбнага чалавека і абмеркаваць адно нейкае асобнае пытанне збольшага можна ўжо не толькі не ўставаючы з-за кампутара, але ўжо нават не ўключаючы яго, з дапамогай смартфона ці планшэта.
Безумоўна, адна нейкая праблема не магла пахаваць мерапрыемства, таму я бы яшчэ прыгадаў:
- Нерэгулярнасць і непрадказальнасць раскладу. Арганізацыя лінуксовак, не кажучы пра змястоўны ўдзел у іх — гэта праца, якая патрабуе выдаткаваць сілы і час. Не маючы нейкага сур’ёзнага выніка гэтай працы ніхто не захоча займацца гэтым рэгулярна колькі-небуць працягчы час
- Фармат лінуксовак не даваў магчымасці расці далей
Класічны фармат лінуксовак у Мінску
Безумоўна, не ўсе лінуксоўкі праходзілі так. Часам бывалі нейкія мерапрыемствы з дакладамі ў прыстасаваным для гэтага памяшканні, але большасць праходзіла ў нейкіх грамадскіх месцах, кшталту сквера на плошчы Якуба Коласа, ці на Бульвары Мулявіна.
З пэўнага часу часцей за ўсё выкарыстоўвалася пляцоўка збору «каля фантана», удзельнікі лінуксоўкі сустракаліся каля фантана «Вянок» (1972 год, скульптары А. Анікейчык, Л. Гумілеўскі, А. Заспіцкі) ў парку імя Я. Купалы. Як самае вядомае месца правядзення, «каля фантана» дало назву фармату лінуксовак.
Чаму б не адкапаць яшчэ раз сцюардэсу «сустрэчы каля фантана»
З’яўленне новага фармату лінуксовак было выкліканае тым, што класічны фармат «сустрэч з півам каля фантану» не задавальняў найбольш актыўных удзельнікаў з-за яго натуральных абмежаванняў:
- Неканструктыўнасць фармату не дазваляла праводзіць маштабных абмеркаванняў тэхнічных пытанняў і праблем. Цяжка расказваць пра нешта сур’ёзнае групе чалавек ў 10—15 пасярод парка ў цэнтры горада. Апроч таго, што нязручна паказваць нейкія схемы ці скрыншоты, дадаецца яшчэ той факт, што для такой сустрэчы паводле заканадаўства з мінулага года патрэбны дазвол гарадскіх ўлад з доўгім узгадненнем.
- Далёка не ўсім падабаўся сам фармат размовы «пад піва». Раней ці пазней лінуксоўка распадаецца на групы і драбіцца. Цытуючы прыгаданы вышэй HOWTO па лінуксоўках «Да простят меня начинающие — но им обычно около-линуксовых тем хватает на полчаса-час (чтобы исчерпать круг интересов и личный опыт), потом начинается про бухло, тёлок и за жизнь.»
- Сутракацца пад аткрытым небам зручна толькі пакуль пагода камфортная. То бок паводле самых аптымістычных ацэнак — 3—5 месяцаў на год.
Апошні момант спрабавалі вырашаць, арганізуючы лінуксоўкі, напрыклад, у кафэ (гл.: https://forum.linux.by/viewtopic.php?f=7&t=9951). Аднак две першыя праблемы гэта не вырашала. Плюс, паколькі кафэ ў Мінску не хапае, то рэстаратары пачынаюць патрабаваць заказ не менш як на пэўную суму, папярэдні заказ. Магчымасць падсілкавацца пад час мерапрыемства можа быць не лішняй, але мы ж не для таго збіраліся?
Існуе меркаванне, што адной з прычын спаду (ці, нават, галоўнай прычынай ў некаторых інтэрпрэтацыях) было тое, што большасць удзельнікаў пасталелі і былі вельмі занятыя. Незгодны і лічу, што гэта звычайная адгаворка. Пры ўмове папярэдняга анонса даты мерапрыемства мінімум за 3—4 тыдні нават вельмі занятыя асобы знаходзяць час і сілы актыўна паўдзельнічаць. Некалькі прыкладаў (у выпадковым парадку):
- Максім Мельнікаў спецыяліст з кампаніі Wargaming, шчаслівы бацька (што не дадае вольнага часу і сіл) рэгулярна робіць цікавыя і змястоўныя даклады
- Аляксей Чэвусаў таксама спецыяліст, бацька, FOSS актывіст і распрацоўшчык, што не зашкодзіла яму прыняць удзел у большасці лінуксовак, практычна кожны раз з дакладам, актыўна удзельнічаць у абмеркаваннях чужых дакладаў.
- Уладзімір Шахаў зноўку ж, IT-спецыяліст, бацька, трэнер, галоўны сакратар аднаго з самых буйных спаборніцтваў па каратэ версіі WKF не толькі ў краіне, але і ў рэгіёне. Удзельнічае ў падрыхтоўцы лінуксовак ад з’яўлення іх у новым фармаце, рэгулярна робіць даклады, актыўна ўдзельнічае ў абмеркаваннях.
Што рабіць каб пераадолець спад актыўнасці
Можа гэта не агульны рэцэпт, але падобна, што наш вопыт не ўнікальны і можа быць выкарыстаны іншымі.
Узяўшы за аснову фармат LVEE, арганізатары паспрабавалі стварыць нешта кшталту «міні-LVEE», які дазваляў бы і выказацца па нейкіх глабальных праблемах, і, пры неабходнасці, камерна абмеркаваць нешта ў кулуарах.
Стварэнне менавіта асобнага мерапрыемства было неабходнае таму, што LVEE праводзіцца раз на год, і далёка не усё будзе сэнс абмяркоўваць праз паўгады і больш. Павінна быць месца, куды не трэба выязджаць, каб задаць пытанні ці абмеркаваць нешта, куды могуць прыехаць і падзяліцца досведам людзі, якія не часта бываюць у Мінску. Снежаньская лінуксоўка традыцыйна з’яўляецца «эмігранцкай», у ёй удзельнічаюць спецыялісты з Мінску і Беларусі, якія зараз не жывуць на радзіме.
Што трэба, каб арганізаваць лінуксоўку
- Патрэбнае памяшканне, якое зможа змесціць усіх ахвотных. У нашым выпадку павінна хапаць месца, каб рассадзіць 2—3 тузіны чалавек, плюс крыху вольнай прасторы, каб можна было рухацца і абмяркоўваць у купках.
- Патрэбныя актыўныя удзельнікі, якія змогуць і захочуць патраціць час на падрыхтоўку цікавых і змястоўных дакладаў, адпавядаючых тэматыцы мерапрыемства.
- Патрэбныя актыўныя удзельнікі, хто зможа і захоча ўдзельнічаць у абмеркаваннях і задаваць пытанні (ці даваць парады) дакладчыкам.
- Патрэбнае размяшчэнне інфармацыі пра лінуксоўку на тэматычных пляцоўках (гл. раздзел Дзе трэба размясціць інфармацыю пра лінуксоўку).
- Месца правядзення павінна быць спланавана такім чынам, каб анонс мог быць змешчаны прыблізна за месяц. Большасць актыўных удзельнікаў мінімум прафесіяналы, шмат сярод іх і бацькоў, якім трэба папярэдне планаваць вольны час.
Дзе трэба размясціць інфармацыю пра лінуксоўку
Усе больш-менш звязаныя з тэматыкай пляцоўкі павінны быць накрытыя. На дадзены момант у мяне склаўся такі спіс пляцовак, на якія варта змясціць навіну пра лінуксоўку MLUG:
- Сайт MLUG Ствараецца навіна з анонсам. (http://mlug.linux.by/).
- Група MLUG на Google+ Эфектыўней за ўсё стварыць падзею у межах групы. (https://plus.google.com/communities/110681015343287679167).
- Форум на Linux.by Стварыць новую тэму ў раздзеле пра лінуксоўкі (https://forum.linux.by/viewforum.php?f=7).
- Ліст з анонсам у групу рассылкі mlug-talks (http://groups.google.com/group/mlug-talks).
- Анонс падзеі на meetup.by
- Падзея ў Facebook, у групе MLUG (http://www.facebook.com/groups/46184759521/).
- Падзея з анонсам у групах у Вконтакте MLUG (http://vk.com/club1271407) і Linux.by (http://vk.com/club8911620).
- Скінуць спасылку на анонс у twitter (хэштэгі #mlug і #linux).
- Анонс у ЖЖ, можна ў тэматычных групах.
- Ліст з анонсам у LVEE mailing list.
Што не атрымалася
Не атрымалася пляцоўка для абмеркаванняў і навучання пачынаючых. Паколькі арганізатары не фільтруюць тэмы паводле ўзроўню аўдыторыі, а толькі паводле тэматыкі, каб пляцоўка давала магчымасці для пачынаючых яны іх павінны браць. То бок, агульная тэма і накірунак лінуксоўкі вызначаецца самімі ўдзельнікамі. Калі нехта прыйшоў пасядзець моўчкі ў куточку — ён пасядзіць, але тады на развіццё падзей ён не ўплывае наогул аніяк.
Як прымусіць чалавека быць актыўным, я не ведаю. Але калі нехта параіць — буду вельмі ўдзячны.
Ці самотныя мы на гэтым свеце?
Нашчасце, не! Друпал-клуб (falanster.by) праводзіць свае лінуксоўкі і іншыя мерапрыемствы.
Плюсы:
- мерапрыемствы праводзяцца на ўзроўні зручным для тых, хто пачынае свой шлях у Лінукс;
- лінуксоўка вельмі камерная, менш за 10 чалавек, таму можа быць не так цяжка наважыцца задаць пытанні, абмеркаваць нешта;
- большасць удзельнікаў лінуксоўкі рыхтуецца з нейкімі тэмамі, па выніках дакладаў па тэме праходзіць абмеркаванне.
І гэта не кажучы пра LVEE (www.lvee.org), якога з мінулага года стала ў два разы больш штогод.
Што рабіць далей?
Лінукс у масы! То бок, кожны можа прыняць удзел у бліжэйшай рэгіянальнай лінуксоўцы ці стварыць сваю. Не хапае групы людзей для камунікацыі і самаразвіцця? Ствары сваё кола знаёмых для камунікацыі і сваю групу!
Abstract licensed under Creative Commons Attribution-ShareAlike 3.0 license
Назад