Пра канферэнцыю
Міжнародны збор і канферэнцыя “Linux Vacation / Eastern Europe” праводзіцца ў Беларусі ўжо пяты год, аб’ядноўваючы нефармальныя зносіны і актыўны адпачынак энтузіястаў у галіне свабоднага праграмнага забеспячэння.
Мэта правядзення LVEE – абмен вопытам паміж спецыялістамі па праектаванню, распрацоўцы, укараненню, суправаджэнню і развіццю рашэнняў open source, а таксама прыцягненне больш шырокіх слаёў IT-супольнасці да публічнага дыялогу пра магчымасці свабоднага ПЗ, пра праблемы, якія паўстаюць падчас ягонай інтэграцыі, і спосабах іх вырашэння.
Цэнтральнай часткай LVEE з’яўляецца Міжнародная канферэнцыя распрацоўнікаў і карыстальнікаў свабоднага праграмнага забеспячэння. Фармат канферэнцыі ўключае даклады, workshop-ы і круглыя сталы. У дапамогу дакладчыкам – канферэнц-зала, праектар, гук. Да пачатку канферэнцыі плануецца выданне зборніка тэзісаў.
Задачы, якія стаяць перад канферэнцыяй: даць удзельнікам магчымасць абмену вопытам, арганізаваць абмеркаванне найбольш актуальных напрамкаў і тэндэнцый разіцця галіны, набытых практычных ведаў. Сустрэча прызначана дапамагчы наладзіць неабходныя кантакты, даць развіццё ідэям, забяспечыць падтрымку супольнасці open source.
У тэматыку канферэнцыі традыцыйна ўваходзяць наступныя напрамкі:
- распрацоўка і тэсціраванне свабоднага праграмнага забеспячэння ;
- адміністраванне сістэм, якія пабудаваныя на ягонай аснове;
- падрыхтоўка спецыялістаў у галіне свабодных праграмных тэхналогій;
- вопыт укаранення рашэнняў open source;
- прававыя і арганізацыйныя асаблівасці выкарыстання свабодных ліцэнзіяў.
Вітаюцца любыя іншыя напрамкі, якія маюць адносіны да свабоднага праграмнага забеспячэння і пашыраюсь прыведзенную тэматыку.
Рэкамендаваныя для ўдзелу ў канферэнцыi мовы: руская, беларуская і ангельская.
Сёлета мерапрыемства адбудзецца 02-05 лiпеня 2009 г. у аколіцах Гародні.
Арганізатарамі LVEE з’яўляюцца Minsk Linux Users Group, а таксама актывісты з Гародні і Брэста.
Падтрымку канферэнцыі забяспечваюць кампаніі SaM Solutions i Promwad .
Арганізацыйны ўнёсак для аднаго ўдзельніка складае 150 000 БРБ (~ $50) на 4 дні альбо 105 000 БРБ (~ $35) на 2 дні. Пры іншым графіку ўдзелу сума арганізацыйнага ўнёску ўзгадняецца дадаткова. У суму ўключаныя выдаткі на пражыванне і харчаванне (сняданак, абед, вячэра), дастаўка ад Мінску да месца правядзення канферэнцыі і адваротна, аплата дадатковай сімволікі і атрыбутыкі LVEE. Аўтары дакладаў і прадстаўнікі спонсараў вызваляюцца ад уплаты вышэйпералічанага.
Запыты на ўдзел прымаюцца да 12 чэрвеня, тэзісы дакладаў – да 24 мая.
Азнаёміцца з парадкам афармлення і падачы тэзісаў, паглядзець матэрыялы мінулых канферэнцыяў можна ў раздзеле Даклады.















